ЛУКО́МСКАЯ ДРЭС,

самая вялікая цеплавая электрастанцыя ў складзе Беларускай энергетычнай сістэмы. Размешчана на беразе Лукомскага возера, каля г. Новалукомль Чашніцкага р-на Віцебскай вобл. Будаўніцтва пачата ў 1964. У 1969 пушчаны 1-ы энергаблок, у 1974 пасля пуску 8-га энергаблока дасягнута праектная магутнасць 2400 тыс. кВт. У 1978 пабудавана 3-я чарга. На пачатак 1999 магутнасць станцыі больш за 2500 тыс. кВт.

т. 9, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)